“ЯДНАЕМСЯ РАМЁСТВАМІ”
Майстрыцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” прывезлі часцінку сонца на І абласны форум майстроў народнай творчасці “ЯДНАЕМСЯ РАМЁСТВАМІ” у Ваўкавыск. Нашы знакамітыя майстрыцы саломапляцення Юзэфа Эдвардаўна Старасціна, Ірына Рэгінальдаўна Смірнова і Маргарыта Сяргееўна Канцэвіч сталі сапраўднымі захавальніцамі «беларускага золата». Іх вырабы заварожваюць сваёй вытанчанасцю і глыбінёй народнай мудрасці.
Падчас майстар-класаў нашы ўмельцы паказалі, як звычайная салома ў таленавітых руках ператвараецца ў сапраўдныя шэдэўры. Госці форуму з захапленнем вучыліся асновам пляцення, пераймаючы вопыт, які стагоддзямі перадаваўся ад продкаў.
Салома для беларуса — гэта сімвал дабрабыту і жыццёвай сілы. Дзякуючы працы нашых майстроў, гэты старажытны код нацыі працягвае жыць, саграваючы сэрцы і яднаючы пакаленні праз прыгажосць і творчасць!

