Яркае, звонкае свята “Ліпнішкаўскія сенакосы” 12 чэрвеня 2021г. сабрала ў чацвёрты раз ў аграгарадок Ліпнішкі ўсіх жадаючых паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ручнога сенакашэння цікава і весела правесці свой выхадны дзень. З усяго раёна сюды з’ехаліся самыя спрактыкаваныя касцы і ў кожнага свая група падтрымкі. Вітала гасцей мерапрыемства старшыня Ліпнішкаўскага сельвыканкама Яніна Уладзіміраўна Бузар.
Галоўную цікаўнасць на свяце, безумоўна, выклікаў раённы конкурс па ручному сенакашэнню. 12 касцоў дэманстравалі свае сілы, спрыт и здольнасці. Сярод іх — старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Мікалаевіч Генец. Па рашэнню кампетэнтнага журы Ігар Мікалаевіч узнагароджаны прызам Іўеўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” ў намінацыі “Знак якасці”. Дыпломам і прызам Іўеўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” узнагароджаны Рудзяк Валерый Міхайлавіч (Іўеўскі с/с). Ніхто не застаўся без узнагарод. Кожны ўдзельнік быў ацэнены журы. А па выніках конкурса максімальную колькасць балаў набрала жыхарка аграгарадка Ліпнішкі Ганна Сілюк. Вось дык развязка: лепшым касцом стала жанчына! Свята на тое яно і свята, каб набрацца эмоцый і ўражанняў. На “Ліпнішкаўскіх сенакосах” іх было праз край. Немагчыма было адарваць вачэй ад дэфіле “Берагіня-Пакосніца”, якое падрыхтавала дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы”. Што такое Пакосніца? Гэта старадаўняя лялька з лапікаў, якую рабілі гаспадыні і бралі з сабой на сенакос. Садзілі яе пад стажкі, каб яна ахоўвала рукі гаспадыні ад пашкоджанняў і прыносіла поспех. У прысутных была магчымасць наведаць прэзентацыю — дэгустацыю дранікаў па сямейнаму рэцэпту Алены Станіславаўны Нехведовіч, метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, намінаванаму на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Кіраўнік гуртка “Беларуская лялька” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Ліпнішкі Марыя Францаўна Пякша прэзентавала сувенір — ляльку Бялун – мясцовага сімвала гасціннасці і турызму. Майстар — клас па кляпанню касы паказаў Івуць Пётр Станіслававіч.
Гучныя апладысменты суправаджалі кожны нумар калектыва “Танцавальны серпантын” аматараў гісторыка-побытавых танцаў з горада Мінска. Людзі не шкадавалі апладысментаў, падпявалі і танчылі пад рытмічную музыку і вясёлыя песні народнага ансамбля народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш” аддзела культурна – масавай і асветніцкай работы г.п.Юрацішкі, народнага насамбля народнай песні “Даўніна” аддзела культурна – масавай і асветніцкай работы аг.Геранёны. Талент і цудоўныя песні падарылі гледачам салісты Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
