Маштабны фестываль каляднай песні прайшоў у Іўі
Што такое калядная песня? Гэта духоўнасць, дабрыня, урачыстасць, складнасць, строгасць, мудрасць.
На Фестывалі калядных песень уражвала вялікая колькасць гасцей, прыгожы святочны антураж, яркія касцюмы, юны ўзрост выканаўцаў. Чатыры гадзіны канцэрту былі пражыты гледачамі ў мелодыі, спасціжэнні сэнсу песні, адпачынку душы, насычэні яе з крыніцы святла і радасці, бо “хто светлы, той і святы”. Чарада навагодніх святаў падышла да канца, аднак у гэтыя выхадныя кожны фестывальшчык змог яшчэ адчуць атмасферу цуду. Штогадовы маштабны Калядны фестываль смела можна назваць яркай падзеяй студзеня, таму што ён дорыць усім удзельнікам і гледачам багатую палітру духоўнай музыкі розных часоў і стыляў. Без сумневу, па сцэнічнаму прадстаўленню можна было судзіць пра фестываль як пра культурна-адукацыйнае мерапрыемства: традыцыйная духоўная музыка, якая гучала на сцэне Іўеўскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу, мае велізарны патэнцыял маральнага выхавання і асабістага развіцця.
Вялікі канцэрт носіць назву “GLORIA IN EXCELSIS DEO” (“ХВАЛА НА ВЫШЫНЯХ БОГУ”). Памятаеце, як далей? “А НА ЗЕМІ ПОКУЙ ЛЮДЗЯМ ДОБРАЙ ВОЛІ”.
Людзей добрай волі, іўеўчан і гасцей горада рознага веравызнання, фестываль сабраў разам, каб святкаваць нараджэнне Ісуса Хрыста і праслаўляць Бога праз музыку. У сямнаццаты раз усіх аб’яднала святло каляднай зоркі! Штогод фестываль пашырае межы, далучаюцца новыя і новыя ўдзельнікі. Скіраваныя ўвысь калядныя сугучча песень зімовага цыкла – гэта цуд для блізкага, асаблівы падарунак для ўсіх гасцей! Арганізатары запрасілі музыкаў, якія выконваюць і цэняць хрысціянскія і фальклорныя песні з традыцыйнай спадчыны Нараджэння Хрыстова. Як выдатна, прафесійна выступалі творчыя калектывы каталіцкіх парафій Іўеўскага, Лідскага раёнаў, Гродзенскага рэгіёна і Мінскай вобласці!
Ўдзельнічалі дзіцячыя, юнацкія і моладзевыя калектывы, якія маюць у рэпертуары духоўную музыку (народную, богаслужбовую, канцэртную). Асноўны змест конкурсу – традыцыйная калядная музыка. Чым не нагода з новай сілай ганарыцца краінай, у якой жывем?! Падзея для маленькага беларускага мястэчка грандыёзная! Больш за трыста маладых удзельнікаў, якія выконваюць самыя разнастайныя кампазіцыі! У якасці ганаровых гасцей – іерархі Каталіцкай царквы на чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і кіраўніцтва Іўеўскага райвыканкама на чале з Аляксандрам Іванавічам Булаком. Адкрыў мерапрыемства ансамбль “Орэмус” з парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла – лаўрэат “Crand Prix” 16-га фестывалю “GLORIA IN EXCELSIS DEO”.
І, вядома, першае слова – настаяцелю храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ксяндзу Яну Гавецкаму – ініцыятару і духоўнаму кіраўніку цудоўнага мерапрыемства.
Ксёндз Ян Гавецкі скончыў сваю прамову словамі:
– Вітаю ўсіх і абнімаю. Мілых вам духоўных ураджанняў!
У атмасферы асаблівай радасці праходзіў калядны канцэрт 19 студзеня новага 2020- га года!
Па матэрыялах газеты “Іўеўскі край”