Элемент свята “Традыцыі свята “Тры Каралі”, які бытуе на Гродзеншчыне, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Святочная традыцыя спачатку была адноўлена ў Лідскім раёне, а ў 2016 годзе гэта практыка вярнулася ў в. Сцігане і аг. Трабы Іўеўскага раёна, а таксама аг. Больцішкі Воранаўскага раёна. Увогуле, “Тры Каралі” – каталіцкае свята, якое адзначаецца 6 студзеня ў гонар трох мудрацоў – Каспара, Мельхіора і Бальтазара, якія згодна з Евангеллем прынеслі нованароджанаму Ісусу Хрысту дары.
У многіх рэгіёнах Беларусі калядныя рытуалы захаваліся да сённяшняга дня ў розных варыянтах, напрыклад, у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці з ХVIII ст. традыцыйна праводзіцца абрад “Калядныя Цары” (уключаны ў спіс ЮНЕСКА с 2009 года), у якім удзельнічаюць мясцовыя жыхары і аматарскія калектывы народнай творчасці ў ноч з 13 на 14 студзеня. Абрад “Тры Каралі” адрозніваецца ад іншых калядных святкаванняў пераапрананнем выключна ў трох мудрацоў, выкананнем песень народна-рэлігійнага характару, традыцыйным абыходам двароў з добрымі пажаданнямі гаспадарам і іх сем’ям у новым годзе жыцця.
Старадаўні абрад на завяршэнне каляднага перыяду амаль спыніў сваё жывое бытаванне пасля 1945 года да канца ХХ стагоддзя, але захоўваўся ў памяці многіх жыхароў старэйшага ўзросту і шматлікіх этнаграфічных даследаванняў рэгіёна. Такім чынам, работнікам культуры раёна (спецыялісты аддзела метадычнай работы, творчыя калектывы аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадкоў Трабы і Ліпнішкі ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”) ўдалося яго адрадзіць.
Наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Традыцыі свята “Тры Каралі” абавязвае распаўсюджваць і папулярызаваць дадзенае нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, уключаць элемент у рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў, а таксама ўдасканальваць сістэму даследавання, пераемнасці і папулярызацыі мясцовай абрадавай трыдыцыі. Сёння да правядзення абраду актыўна далучаецца моладзь – пераемнікі традыцыі, якія асэнсавана цікавяцца гісторыяй і культурай рэгіёна.


Абрад «Тры Каралі» у аг. Ліпнішкі і аг.Трабы