1 жніўня 2021 года творчым калектывам аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты праведзены традыцыйны фестываль “Бакштаўскі каларыт”, які стаў брэндам на працягу пяці год. Старшыня сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Уладзіміравіч Буляк прывітаў аднавяскоўцаў і пажадаў усім жыць у ладзе і дабрабыце, быць здаровымі і цікава правесці вольны час.
Гасцінныя работнікі культуры пачаставалі прысутных духмяным караваем, народным сімвалам павагі і дабразычлівасці. Пра мудрую вясковую культуру, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў нагадалі вядучыя мерапрыемства.
Народныя святы і абрады ў Бакштах, як дарэчы і ва ўсёй Беларусі, ніколі не абыходзіліся без песні і танца. Яны з’яўляліся неабходнай часткай народнага вяселля, святкавання Купалля, Калядак, зажынак і дажынак і інш. Добрыя і вясёлыя песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” з аграгарадка Лаздуны1 і ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці в.Бакшты стварылі святочны настрой.
Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стаў конкурс побытавых танцаў “Танцуем па- даўнейшаму”, дзе яго ўдзельнікамі сталі не толькі культработнікі, але і гледачы. Першым этапам конкурсу стаў майстар-клас побытавых танцаў ад арганізатараў фестывалю. Гэты былі танцы “Лысы”, “На рэчаньку”, “Каханачка”. Потым была рэпетыцыя з тымі, хто пажадаў прыняць удзел у конкурсе. А затым пачаліся конкурсныя выступленні параў. Пераможцы атрымалі дыпломы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і сувеніры аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты.
На фестывалі адбылася презентацыя — дэгустацыя дранікаў і дранкі па сямейных рэцэптах жыхароў в.Бакшты Варанюк Святланы і Буцько Валянціны намінаваных на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання дранікаў у Гродзенскай вобласці”.
На працягу мерапрыемства працавалі: выставы народнай творчасці прадметаў народнага побыту, дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады.
