8 ліпеня, 81 год назад Іўеўскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень для кожнага іўяўчаніна – напамін аб тым, якім коштам былі заваяваны незалежнасць і свабода на нашай зямлі.
Ля памятнага знака ў гонар вызваліцеляў сабраліся прадстаўнікі ўлады, члены працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, моладзь каб аддаць даніну павагі тым, хто цаной свайго жыцця мужна і гераічна абараняў нашу зямлю ад ворагаў, каб чарговы раз падзякаваць за мір, за шчасце, за дабрабрабыт.
–81 год назад ў нашым раёне спыніліся рвацца бомбы, чуцца стрэлы. 81 год на нашай зямлі мір, пакой і цішыня. І наша з вамі задача – захаваць гэтыя важныя каштоўнасці сваёй стваральная працай на карысць радзімы, памяццю аб тых, хто ўжо ніколі не вернецца з бою. Пакуль мы будзем памятаць – такое не павінна паўтарыцца, – адзначыў у сваім звароце да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец.
Аб тым, якім быў шлях да вызвалення іўеўскай зямлі, нагадаў настаўнік гісторыі Лелюкінскай СШ Андрэй Ваўчок. Вызваленне Іўеўскага раёна адбывалася падчас Вільнюскай наступальнай аперацыі, якая праводзілася з 5 па 20 ліпеня і з’яўлялася састаўной часткай Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”.
– 6 ліпеня войскі 5-й, 6-й, 32-й Смаленскай кавалерыйскай дывізіі пад камандаваннем Мікалая Аслікоўскага выйшлі на рубеж нашага раёна. Раніцай 7 ліпеня ў 5 гадзін авангард корпуса, які знаходзіўся ў раёне вёсак Даўгердзішкі, Магенцы, Такарышкі, пачаў наступленне ў бок станцыі Юрацішкі, якая хутка была вызвалена. У той жа дзень, вечарам, войскі 65-га і 86-га кавалерыйскіх палкоў Смаленскай дывізіі пры падтрымцы артылерыі завязалі бой за горад Іўе. Праз дзве гадзіны населены пункт быў вызвалены. Затым ад ворагаў ачысцілі Субботнікі і Трабы. Раніцай 8 ліпеня былі вызвалены Ліпнішкі. Далей, пераадолеўшы рэкі Гаўя і Жыжма, савецкія войскі разграмілі рэшткі нямецкіх часцей каля вёсак Вялікія Князікоўцы і Сцігане і далей рушылі на Ліду, – удакладніў гісторык.
Памяць аб подзвігу вызваліцеляў іўяўчане ўшанавалі хвілінай маўчання. Ля памятнага знака ляглі кветкі і запаліліся свечкі ў гонар тых, чый подзвіг назаўжды застанецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.


Ірына Бутурля. Станіслаў Зянкевіч (фота).