9 ліпеня 2022 года ў вёсцы Мікалаева Лелюкінскага сельсавета адбылося свята “Купальскі карагод” , звычаі і традыцыі якога дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, па душы беларускаму народу і зараз. Вітаў гасцей свята старшыня Лелюкінскага сельвыканкама Станіслаў Станіслававіч Алешчык. Частавалі ўсіх караваем лялюкінскім — у гонар урадлівай матухны Зямлі, вельмі смачны, пышны і вялікі — каб кожнаму дастаўся кавалачак! Чамусьці асабліва прыемна чуць пахвалу з вуснаў Купальскай Ночы за тое, што “продкаў традыцыі жывыя, што ночку купальскую пакахалі, што радасцю свецяцца вочы, што вёска Мікалаева жывая”.
Разам з гукамі стараславянскіх мелодый, надзеўшы на галаву вяночак з траў і кветак, таямнічай выявай апускаешся ў свет продкаў-славян. Час пагадаць у стройнай бярозкі, павязаць на яе галінкі каляровыя стужачкі, такія стракатыя, як разнастайнасць мэт і жаданняў людзей. Пляценне вянкоў з палявой травы і кветак дзяўчатамі для хлопцаў, жонкамі — для мужоў, з надзеяй пускаюцца ў ваду разам з загаданым жаданнем “на шчасце і долю”. Пакуль рамантыкі варожаць, скептыкі на пытанні віктарыны адказваюць. А вы ведалі, што трэба купацца ў 10 вадаёмах у купальскую ноч, каб не хварэць; што знайсці скарб можна, калі праз купальскае вогнішча пераскочыць 120 разоў. Не ведалі? Таму і не атрымалі абярэгі на шчасце, як госці свята ў Мікалаеве. Вельмі весела і лёгка скакаць праз вогнішча і вадзіць карагод пад песні і скокі народнага ансамбля народнай песні «Юрацішкаўскі кірмаш» аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы г.п. Юрацішкі і калектыва аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Суботнікі.
У гэтую ноч ведаюць людзі, што трэба сабраць травы запаветныя а калі пашчасціць, папараць-кветку знайсці. Але ведзьмы, русалкі, лясуны перашкаджаюць выкананню плана. Пачынаецца завіруха — не страшная, а вясёлая. Ад галоўнага плана па пошуку кветкі шчасця адцягвае эстрадны канцэрт салістаў і выканаўцаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Але некаторыя рызыкуюць пайсці ў лес па мару. І знаходзяць! Але тыя, хто не знайшоў кветку, на шляху сустрэлі шмат прыгажосці і добрага настрою, якім потым дзяліліся сябар з сябрам.
Купальскае вогнішча разам з дымам і іскрамі падарылі сілу і моц таму, хто святкаваў Купалле.
