У Іўі адбыўся абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў
“Не старэюць душой ветэраны”. “Не старэюць душой ветэраны” традыцыйна збірае ў Іўі харавыя калектывы з дзевяці раёнаў Гродзеншчыны. Бягучы год выключэннем не стаў. І сёлета Іўе стала цэнтрам прыцяжэння для таленавітых, творчых людзей, якія прысвяцілі свой вольны час песні. Песні, якая дапамагае жыць і тварыць, забыцца пра ўзрост і хваробы, быць заўсёды ў віхуры творчага жыцця.
Іўеўшчына вітала маладых па духу, аптымістычных, творчых і заўсёды бадзёрых, удзельнікаў харавых калектываў з Дзятлава, Іўя, Ашмян, Воранава, з Ліды, Бярозаўкі, гарадскіх пасёлкаў Карэлічы і Мір Карэліцкага раёна, з Астраўца і Навагрудка, з Смаргоні і Шчучына.
Ветэраны – людзі, якія з’яўляюцца яскравым прыкладам для падрастаючага пакалення. Мы ганарымся вашым гераічным ваенным і працоўным подзвігам, дзякуем за мірнае неба над нашай краінай, –падкрэслівалі прысутныя на свяце старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон, намеснік начальніка упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, загадчык сектара культуры Іўеўскага райвыканкама Святлана Кішкель, старшыня Іўеўскага раённага Савета ветэранаў Іван Жыдзель і іншыя.
У праграме канцэрта — танцы, песні і чытанне вершаў. Выкананыя музычныя нумары апявалі любоў да Айчыны, нагадвалі аб цяжару ваенных гадоў і закраналі іншыя тэмы. Усё гэта стварала цёплую і ў той жа час святочную атмасферу, у якой ад праніклівых спеваў душа напаўнялася святлом.
Фото Станіслава Зянкевіча.