У Год народнага адзінства ўсіх жыхароў Жамыслаўскага краю сабраў 22 мая 2021 года шляхецкі фэст “Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх”.
Сённяшняя гісторыя Жамыслаўля — чарговы віток кола гісторыі. Распачаўся фэст танцавальнай кампазіцыяй “Квітней і красуй бацькоўскі край”. Быццам машына часу сабрала ў тэатралізаваным шэсце найбольш вядомых і значных асоб Іўеўшчыны. У шэсце віталі графскую чату Яніну і Уладзіслава Умястоўскіх, жонку Вялікага князя Гедыміна княгіню Еву, жонку ваяводы Гаштольда, будучую каралеву Польшчы Барбару з княжацкага роду Радзівілаў; Трабуса заснавальніка мястэчка Трабы, Юрату — гістарычны брэнд з легенды аб Юрацішках, цыганоў з Лаздунаў якіх прыслаў на свята пан Корвін-Мілеўскі.
Адкрыла шляхецкі фэст Валянціна Станіславаўна Філон, старшыня Суботніцкага сельскага выканаўчага камітэта.
Літаратурна-тэатралізаваная імпрэза, прысвечаная графскаму роду Умястоўскіх прагучала на фоне старадаўняй музыкі. У такія хвіліны разумееш, што Радзіма даецца на ўсё жыццё. Яна адзіная і для простага чалавека, і для яснавяльможнага пана, графа, які аддаваў гэтаму кутку зямлі свае фізічныя, разумовыя і душэўныя сілы.
У выкананні ўдзельнікаў фэста прагучала песня “Жамыслаўскі вальс”, якая стала гімнам роднай жамыслаўскай зямлі. І закружыліся ў мелодыі вальса чароўныя пані і шляхетныя кавалеры.
Па добрай традыцыі прысутныя сталі ўдзельнікамі акцыі “Алея жыцця”, дзе была прадоўжана пасадка руж.
Упершыню на фэсце выступіў рыцарскі клуб “Залаты леў” з г.Ліда. Усе з задавальненнем сталі ўдзельнікамі гістарычна — тэатралізаванага прадстаўлення “Пасвячэнне ў рыцары”.
Не гледзячы на дождж свята прадоўжылася канцэртнымі праграмамі народных ансамбляў народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш”, “Спадчына” і вакальнага ансамбля “Варажэя” аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы г.п.Юрацішкі, аграгарадкоў Лаздуны1 і Ліпнішкі.
Дэфіле ў стылізаваных народных касцюмах з элементамі саломкі гледачам прапанаваў творчы калектыў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
На працягу свята працавалі: інтэрактыўная пляцоўка “Дрэвы-экзоты”, атракцыёны, гандлёвыя палаткі, майстар-клас па традыцыйных відах рамёстваў , выстаўка народнай творчасці, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі, выстаўка літаратуры, беспройгрышная латарэя.
У наведвальнікаў фэсту была магчымасць пакатацца на конях, адведаць духмянай юшкі, салдацкай кашы і апетытных шашлыкоў.
