ЖАНЧЫНА — ТВОРЦА КУЛЬТУРЫ ІЎЕЎШЧЫНЫ: АЛЕНА ІВАНАЎНА СМАЛЯНІЧЭНКА
Філіял ан Геранёны далучаецца да раённага культурнага фотачэленджа «Жанчына – творца культуры Іўеўшчыны», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны ✨🇧🇾
«Калі чакаеш дзіва — яно да цябе прыйдзе. Зрабі добры ўчынак ты сёння для людзей…» — гэтыя радкі з верша Алены Іванаўны як найлепш характарызуюць яе жыццёвы шлях.
39 гадоў Алена Іванаўна Смалянічэнка прысвяціла Геранёнскай сярэдняй школе, працуючы старшай піянерважатай і педагогам-арганізатарам з адным запісам у працоўнай кніжцы. Яна была дэлегатам першага злёту піянерважатых Беларусі і першага з’езда настаўнікаў Рэспублікі Беларусь, пераможцай рэспубліканскіх і абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства. За добрасумленную працу ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», шматлікімі значкамі, ганаровымі граматамі і дыпломамі (больш за 65) 🌿
Алена Іванаўна — сапраўдны летапісец роднага краю. Яна выдала 11 брашур па гісторыі Геранёншчыны, сярод якіх «Старонкі гісторыі гераненскай зямлі», «Мы помнім», «Школа ў Геранёнах», «Касцёл Святога Мікалая». Яе матэрыялы ўвайшлі ў кнігі «Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур» і «З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю».
Яна таксама аўтар шасці паэтычных зборнікаў — ад «Дваццаці песень аб любові» да «Шчырых радкоў», лаўрэат абласнога фестывалю «Паэзія душы руху», пераможца рэспубліканскага конкурсу «За што я люблю родную зямлю». У маладосці Алена Іванаўна спявала ў хоры, танцавала, грала ў тэатры мініяцюр, пісала сцэнарыі і вяла святы вёскі.
«У хаце, дзе шануюць памяць, заўсёды жывуць каханне і павага да роднай зямлі», — лічыць яна. І гэта чытаецца ў кожным яе радку, у кожнай сабранай гісторыі✨
