4 ліпеня ў вёсцы Мікалаева творчы калектыў філіяла аг.Лелюкі ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” правёў адно з самых яркіх і містычных свят лета — “Купальскі карагод”.
З прывітальнымі і віншавальнымі словамі да ўсіх гледачоў звярнуўся старшыня Лелюкінскага сельвыканкама Ствніслаў Станіслававіч Алешчык.
Перш чым запаліліся купальскія кастры, вядучыя свята прапанавалі гледачам некалькі захапляльных пытанняў. Тыя, хто правільна адказаў, атрымалі магчымасць прыняць удзел у конкурсе “Гары, касцёр”, дзе іх чакалі сюрпрызы. Падчас свята дзяўчаты плялі вянкі з яркіх кветак — рамонкаў, васількоў , якія потым з гасціннасцю спадзяваліся пусціць на ваду. Хлопцы ж, не адстаючы, скручвалі чучала ведзьмы з сена і старога адзення, каб абараніць свята ад злых духаў.
У гэты час з вады з’явіліся Вадзяны з Русалкамі — прыгожымі і таямнічымі істотамі, якія запрасілі ўсіх пагуляць у гульні “Злаві вянок” і “Перацягванне каната”. Людзі з задавальненнем удзельнічалі ў купальскіх забавах.
Асобным момантам свята стаў фестываль фарбаў “БелХоли”, які прывабіў моладзь сваёй энергічнай музыкай і яркімі танцамі. Усе жадаючыя мелі магчымасць пераскочыць праз купальскае вогнішча, што сімвалізавала ачышчэнне ад негатыўнага і новы старт у жыцці.
Пасля моладзь рушыла ў лес у пошуках папараць-кветкі, якая нібыта здольна выклікаць шчасце і каханне. Але іх дарогу перагарадзіла нечысць: таямнічыя постаці з цёмнымі вачыма і злымі ўсмешкамі спрабавалі спыніць іх. Прыгоды толькі пачыналіся, і кожны ўдзельнік адчуваў сябе героем казкі.
На канцэртнай пляцоўцы праходзіла святочная праграма з выступленнямі салістаў і выканаўцаў філіялаў аг. Геранёны і г.п.Юрацішкі.
Свята завяршылася незабыўнай лазернай дыскатэкай гасцей з горада Масты, якая запаліла начное неба яркімі колерамі. А фаер-шоу ад калектыву “Flame of life!” з Мінска стала сапраўдным кульмінацыйным момантам вечара.
Праз кожнае полымя і іскру глядачы адчувалі магію Купалля. У завяршэнне ўсіх прысутных парадавалі маляўнічым феерверкам, які стаў яркім акцэнтам гэтага незабыўнага вечара.
