У Свіслацкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, на малой радзіме майстра аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” Маргарыты Канцэвіч, адкрылася яе персанальная выстава.
У рамках выставы Маргарыта Канцэвіч правяла майстар-клас для наведвальнікаў аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага прабывання грамадзян цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На адной пляцоўцы сустрэліся два пакаленні, дзве эпохі, і гэта сустрэча была невыказальна цёплай і шчырай. Сімвалічна і тое, што выцінанка стала дрэвам жыцця, сімвалам, які ўвасабляе ўзаемасувязь усяго існага, бяссмерцем, гармоніяй прыроды і чалавека, а таксама вечным абнаўленнем жыцця, служыць сямейным абярэгам, адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў і адзінства роду. Таксама сімвалічна, што менавіта ў Год Беларускай жанчыны адбываюцца такія мерапрыемствы, якія падкрэсліваюць таленты нашых суайчынніц, іх прага падзяліцца сваім уменнем ствараць прыгажосць.
Трэба было бачыць, з якім натхненнем жанчыны з пасівелымі скронямі браліся за нажніцы і паперу і выразалі “дрэва жыцця”.
На наступны дзень у музей на майстар-клас да Маргарыты Канцэвіч прыйшлі выхаванцы лагера “Пілігрым“ Дабравольскай сярэдняй школы. У выставачнай зале музея лунала такая ж цёплая атмасфера. Хлопчыкі і дзяўчынкі заўзята працавалі нажніцамі, і ў выніку ў кожнага атрымалася прыгожая маленькая “фіранка”.
