Дакрануцца да спадчыны душой
Сёння, 7 чэрвеня, юбілейны XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных
культур перамясціўся на маляўнічы Аўгустоўскі канал, дзе фінальны дзень
форуму маштабна аб’яднаўся з абласным фэстам традыцыйнай культуры
«Скарбы Гродзеншчыны». Сярод самых яркіх і самабытных удзельнікаў свята —
дэлегацыя Іўеўскага раёна, який здаўна славіцца сваім унікальным
міжкультурным мірам і багатымі традыцыямі. Навокал віруе сапраўднае
народнае гулянне: паветра напоўнена пахамі свежага каравая, духмяных траў і
звонкім смехам, а векавыя лясы над каналам рэхам адгукаюцца на
фестывальныя спевы.
Урачысты і хвалюючы тон святу задало маляўнічае шэсце маладажонаў з усіх куткоў
Прынёманскага краю. Нашы маладыя прадстаўнікі Анатоль Пякша і Вольга Паляк
годна і ганарліва прэзентавалі раён, трымаючы ў руках сімвалічны вясельны пасаг —
традыцыйны «клумок». Тэма захавання сямейных каштоўнасцей ярка і незабыўна
працягнулася падчас абыходу падворкаў, дзе кожны рэгіён прэзентаваў лакальныя
вясельныя традыцыі.
Тут кожны жадаючы мог зрабіць сапраўднае падарожжа ў мінуўшчыну: пабачыць
адноўлены багаты вясельны стол, накрыты по ўсіх канонах мінулых часоў, і
кранальную выставу рэтра-фатаграфій з рэальных вяселляў нашых землякоў розных
гадоў. Дэлегацыя Іўеўшчыны прадставіла выпраўленне маладой да шлюбу,
цэнтральнай часткай якога стаў рытуал «Зялёненькі вяночак падайце». Атмасфера
была настолькі цёплай і душэўнай, што госці свята не змаглі ўтрымацца і разам з
нашымі артыстамі, апранутымі ў адметныя народных строі, сталі ў вялікі, дружны
вясельны карагод. Калі маладажоны закружыліся ў танцы, а вакол іх злучыліся ў адно
цэлае дзясяткі рук удзельнікаў і гледачоў, стала зразумела: традыцыі жывуць і
працягваюць аб’ядноўваць людзей.
Адметнай і вельмі гучнай старонкай фестывальнага дня стаў абласны конкурс
фальклорных калектываў, дзе творчы гонар Іўеўшчыны на найвышэйшым узроўні
абаранялі нашы таленты. Сцэна літаральна дыхала энергіяй: сваім майстэрствам,
самабытнай манерай выканання і шчырасцю гледачоў пакаралі народны ансамбль
народной песні «Даўніна», народны ансамбль песні «Юрацішкаўскі кірмаш», ансамбль
народнай песні і музыкі «Вечарынка», а таксама народны ансамбль песні і музыкі
«Чабарок» Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Каларытныя і звонкія галасы нашых
спявачак, карункавыя пералівы баянаў, вясёлы рытм бубна і тужлівы спеў скрыпкі
захапілі публіку.
Вынікам гэтага маштабнага святочнага дня і сапраўдным трыумфам для нашага краю
стала цырымонія ўзнагароджання. Творчыя намаганні, самабытнасць і высокая якасць
падрыхтоўкі іўеўскай дэлегацыі былі адзначаны на высокім узроўні: наш раён
узнагароджаны Дыпломам II ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя падворка
традыцыйнай культуры». Акрамя таго, важкі ўклад у агульную скарбонку перамог унёс
ансамбль народнай песні і музыкі «Вечарынка», які атрымаў Дыплом III ступені ў
намінацыі «Лепшы фальклорны інструментальны ансамбль».
Фестывальная прастора каля шлюза «Дамброўка» ў чарговы раз даказала, што
народная спадчына здольная яднаць сэрцы і пакаленні. І ўжо зараз з упэўненасцю
можна сказаць: Іўеўскі раён зноў пакарыў фестываль сваёй шчырасцю, шчодрасцю і
невычэрпнай гасціннасцю, пакінуўшы глыбокі і светлы след у душы кожнага, хто
дакрануўся да нашых вытокаў.
Ангеліна Цыбулька-Вайцеховіч, намеснік дырэктара ДУК «Іўеўскі цэнтр культуры
і вольнага часу»:
«Фестываль традыцыйнай культуры — гэта ўнікальная магчымасць напоўніцу
пранікнуцца адметнасцямі кожнага раёна, маштабна папулярызаваць свае культурныя
каштоўнасці і багатую нематэрыяльную спадчыну. Наш калектыў вельмі доўга і адказна
рыхтаваўся да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур і абласнога фэсту
“Скарбы Гродзеншчыны”. Спецыялістамі нашай установы была праведзена вялікая,
сур’ёзная праца па аднаўленні абрадавай дзейнасці Іўеўскага раёна і яе далейшым
захаванні для нашчадкаў, а калектывы-ўдзельнікі падрыхтавалі па-сапраўднаму
годныя, яркія канцэртныя праграмы, якія высока ацанілі і гледачы, і журы».
Вольга Паляк, загадчык аддзела метадычнай работы ДУК «Іўеўскі цэнтр
культуры і вольнага часу»:
«Сёння на фестывалі мне выпаў захапляльны і вельмі адказны гонар выступіць у ролі
нявесты мінулых часоў. На мне адмысловая вясельная сукенка, пашытая па ўсіх
канонах тагачаснай моды, а галоўным упрыгожваннем служыць паветраны
вэлюм-шапачка з васковымі кветачкамі і сімвалічная гірлянда з мірту. Было
неверагодна цікава акунуцца ў атмасферу вяселля часоў маёй бабулі, адчуць кожную
дэталь пад жывы гук народных інструментаў. Пераканана, што такія фестывалі сёння
надзвычай важныя для нашай краіны. Яны не проста дэманструюць прыгажосць
народнай творчасці, але і выконваюць глыбокую патрыятычную місію: выхоўваюць у
маладым пакаленні павагу да сваіх вытокаў, духоўных каштоўнасцей і нацыянальнай
самасвядомасці. Захоўваючы сямейныя традыцыі продкаў, мы мацуем сувязь
пакаленняў і будуем моцную, згуртаваную Беларусь».
Іван Гаштольд, хормайстар філіяла аг. Геранёны ДУК «Іўеўскі цэнтр культуры і
вольнага часу»:
«Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур і абласны фэст “Скарбы
Гродзеншчыны” — гэта ўнікальныя праекты, якія дэманструюць усяму свету галоўны
скарб Беларусі: наш мір, адзінства і багацце душы. Сёння на Аўгустоўскім канале
сапраўды віруе неверагодная энергія згуртаванасці. На нашай пляцоўцы я
акампанаваў на баяне, дапамагаючы аднавіць атмасферу вяселля мінулых часоў, а
таксама разам з народным ансамблем народнай песні “Даўніна” і ансамблем народнай
песні і музыкі “Вечарынка” прадставіў наш раён на абласным конкурсе фальклорных
калектываў. Такія маштабныя форумы паказваюць, што нашая культура — гэта жывы
голас гісторыі, у якім захаваны культурны код беларусаў. Праз захаванне гэтай
спадчыны і прэзентацыю яе на высокім узроўні мы выхоўваем у моладзі гонар за сваю
Радзіму, мацуем сувязь пакаленняў і духоўную сілу нашай незалежнай краіны».
Ірына Анішчанка, кіраўнік тэатральнага калектыву філіяла аг. Суботнікі ДУК
«Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу»:
«Гэта вельмі цікавае, яркае і, галоўнае, вельмі карыснае свята, якое нясе глыбокі сэнс
для нашай моладзі і падрастаючага пакалення. Менавіта на такіх жывых, напоўненых
гісторыяй пляцоўках нашы дзеці адкрываюць для сябе шмат новага, пачынаюць
па-сапраўднаму цаніць і разумець вытокі сваёй культуры, спадчыну нашых дзядоў і
прадзедаў. Гледзячы на ўсю гэтую прыгажосць, я думаю, што падобныя фэсты трэба
праводзіць яшчэ шырэй, больш маштабна і гучна, каб яны ахоплівалі як мага больш
гарадоў і людзей. Гэта найлепшая прастора для таго, каб мы лепей пазнавалі адзін
аднаго, бо менавіта праз павагу да традыцый розных народаў людзі духоўна
збліжаюцца, аб’ядноўваюцца і сплываюцца ў адну вялікую і дружную сям’ю».
